Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
Радзівіл. Ну, недатыкальны ці не – гэта мне меркаваць. Унь узброеныя вакол. Як у Берліне. Кожнай раніцы пры-прычасаныя і напудраныя, як да-да шлюбу.
Грабоўскі. Яны вакол. Але я – пасярэдзіне. Непрычасаны і ненапудраны. Але ўзброены. I шлюб мой – забойства па загаду майго пана.
Лаўрэн. Бач ты, забойства ў золаце.
Iлья. Змоўч!
Радзівіл. Цік-кава. Ану, тыя, што вакол. Зброю нагала!
Капітан, Пястжэцкі і Данаван стаюць у пазіцыю, агаліў шаблю і Грабоўскі. Б’юцца. Пасол з цяжкасцю, але абяззброіў двух першых. Данаван знемагае.
Данаван. Ферфлюхтэ вайсрусішэ швайне! Саксонія, наперад!
Радзівіл. Надзверны!
Вартавы каля дзвярэй прыяднаўся да Данавана. Ім з цяжкасцю ўдалося прыперці Грабоўскага ў кут. I тут Лаўрэн нечакана падхапіў выбітую шпагу мушкецёра і напаў на ўсіх трох, як ураган. Пацясніў.
Iлья. Ты што робіш, патаўпешка?!
Лаўрэн. А я ім пакажу, як нашы б’юцца. (Выцесніў тройку за дзверы, кінуў шпагу сярод залы.) Ваша яснавяльможнасць. (Прыдурваецца.) Не сячыце галавы. Не мог стрываць, што немцы так над чалавекам адной з вамі крыві пацяшаюцца. А мы ж вашы падданыя. А мы ж за вас у агонь і ваду... і сячыся во як умеем.
Тройка апасліва заходзіць. Пабітыя стаяць у цэнтры залы. Лаўрэн адышоў да Ільі. I тут ксёндз Пёкур шэпча на вуха князю, паказваючы на вартаўніка.
Пёкур. Той самы. I трэба, каб бачылі. I крычаўскі хам бачыў і вывады рабіў.
Радзівіл. То-то-той. Ану, сюды (еартаеы падыходзіць). Ты-ты-ты што ўчора казаў?
Вартавы. Паночку, па-па-паночку, дальбог.
Радзівіл. Такога слімака толькі вешаць... Ты што сказаў? Калі я ўчора, спатыкаючыся, ад пана пробашча вяртаўся... цужэсь ты по...по...ведзял?
Аліцыя. Ну ўсё, шыбеніца.
Вартавы (з мужнасцю адчаю). Поведзялэм то, цо правда – нігдым Вашей Мосьці піяным не відзял, венд жеклэм, же велька ксенця Мосьць сьпілэсь сен як сьвіня і жэбы то бедны чловек так зробіл...
Радзівіл. Кажы і для тых. Каб разумелі.
Вартавы (гераічна). Сказаў праўду. Сказаў сябру, што ніколі Вашай Княжай Мосці п’яным не бачыў, дык сказаў... Бач, упіўся Ваша Княжая Мосць, як свіння, а каб гэта бедны чалавек так зрабіў, то яго б павесіў і...
Радзівіл (перарваў). О-ох... До... до...добжэсь васан поведзял, естэсь васан сержантэм... Для вас, хамы: “Добра васпан сказаў, быць васпану сяржантам”.
Нечаканы сяржант. Бу-бу-бу-буду.
Гайдук падносіць Радздвілу паднос з кубкам, той машынальна п’е, скрывіўся. Пасля сяржанту.
Радзівіл. Бач, з радасці заікацца стаў, як я. На гэты раз дарую. Але як камандуючы будзеш заікацца – павешу.
Гайдук узяў кубак, на хаду абмахнуў крысо князю.
А ты што тут усё ля мяне цярэшся? По цо ту – тутай ходзіш?
Гайдук. Хцэн быць завшэ на ўслугах Вашай Ксёнжэнцэй Мосьці, венц естэм му на відоку.
Радзівіл (з глухім гневам). Хочаш быць у мяне на вачах. Варта! Узяць яго і на дуб у двары.
Гайдук (крычыць). Ваша! Ва-а-а-ша! (Яго пацягнулі.)
Радзівіл (наўздагон). Тэ-тэраз, вацпан, бе-бендзеш мі завшэ на ві-ві-відоку. Ты зараз, вацпан, будзеш заўсёды ў мяне на вачах. (Супакойваючыся, да Грабоўскага.) Чаго просіць брат, пасол?
Грабоўскі. Просіць аб прадажы таго каня.
Радзівіл. Сказаў, што прадам. I нашто тое пасольства ганяць?
Лаўрэн. Ваша яснавяльможнасць. За што вы? Даруйце беднаму дурному чалавеку.