Шрифт:
* * *
З вязанкаю сена на сьпіне: дарожны ўказальнік мне той чалавек у стэпе. * * *
Верхнюю вопратку зьняў і нясу на сабе — вось і ўсё зьмены зь зімы на лета. * * *
На рысавым полі ўвішна. І я вандрую ўвесь век — няйначай, рыхтую сьвет пад сяўбу. * * *
Хадземце, сябры, са мною! Калосьсе будзем жаваць, спаць на траве пад небам. * * *
Схапіўся, як за апору, за колас жытнёвы. О, ростань! * * *
Ірысы. Прысесьці ля іх і пагутарыць — хіба гэта таксама не падарожжа? * * *
Ніякага знаку, што неўзабаве памерці мусяць: сьпевы цыкад. * * *
Белыя макі! Здаецца, што расьцвілі восеньскія дажджыны. * * *
Дажджыць і дажджыць! Пачарнела на полі сьвежае ржышча. * * *
Захад, усход — усюды аднолькавы смутак. Восеньскі вецер. * * *
Зьмяркаецца. Адно голас дзікае качкі бялее ледзь-ледзь над морам. * * *
Вымавіш слова — здубеюць губы. Восеньскі вецер. * * *
На ссохлым суку крумкач нанач знайшоў прытулак. Глухая восень. * * *
Тады зразумееце мае вершы, калі заначуеце ў полі пад сьцюжным ветрам. * * *
Поўня! Ёю любуючыся, прахадзіў наўкола сажалкі ноч. * * *
У сьцюжы начной на дол апала гусь у зьнямозе — вось гэтак начуюць вандроўцы. * * *
Усё, што ні ёсьць на сьвеце, пашамаціць і аціхне — нібы чараціна. * * *
Дзікая ружа, што красавалася ўскрай дарогі, трапіла ў пашчу майму каню. * * *
Нібы раніцовыя кветкі — манахі: колькі ўжо іх адцьвіло! А вера стаіць, як хваіна. * * *
Гэткія розныя, а цьвіце кожная зёлка па-свойму. Вось гэта і подзьвіг. * * *
Вада — халадэча. Ніяк не можа на ёй заснуць самотная чайка. * * *
Карэньне цыбулі адмыта да гэткай чысьціні — аж сьцюжна. * * *
Можа, пазычыць апратку у пудзіла — каб заснуць? Апоўначы шэрань. * * *
Выпаў на досьвітку сьнег — і стрэлкі цыбулі сталі адзнакамі агароду.