Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
Капітан. I гэта поп? Лаецца, як брудны кароф.
Антох. Сам ты кабыл тоўсты. Мушкецёраў голадам морыш. Яны як лучынкі, а ты – тоўсты кабыл.
Радзівіл дае знак, варта набліжаецца да Антоха.
Чакай!.. Васка, не сумуй душою. Не плач. Грэх твой страшны ў смяротны гэты час здымаю. Людзі, чысты ён у вашых вачах! (Ціха.) Памры годна – будзеш з богам, п’янюга ты мой родны, гуляка, прапойца ты мой бесшабашны... Лапы брудныя прэч!
Ідзе. I тут зараўла аднекуль дуда: “Тапчыце зямлю, легіёны божыя”.
Князь! Мардун, дурань маляваны, рапуха аблезлая... п’яная карова! Дымам пайду ў роднае неба. Да бога! I вымалю ў яго праклён на ўсе вашы галовы. (Яго валакуць.) Хлопцы! Хлопчыкі! Благаслаўляю вас, так вашу! Благаслаўляю вас!
Яго вывелі.
Пёкур. Княжа, гэты тэатр можа абысціся дорага.
Радзівіл. Тэатр? Ну так. Такі тэатр, каб нашчадкі іхнія пра-пра-праз трыста год здрыгануліся. Калі яны бу-будуць, на-на-на-шчадкі.
Пёкур. Будуць. Памылка, па-мойму. Не туды відовішча.
Радзівіл. Чытай, Цялецкі.
Цялецкі. Акрамя тых, каго біць бізуном і адрэзаць па адным вуху, памочнікаў галавароў паўстання – а лікам іх трынаццаць, аднаму, сыну Стэся Бачко, сакратару бунту, адрэзаць абодва вухі і на лобе выпаліць шыбеніцу.
Каршук. Каб ведалі... вось чыя рука пісала.
Цялецкі. Івана Дакуку, Захарку Сямашку, Іванішку з Баранкова – а ўсяго тры галавы – на шыбеніцу. Сямёна Варону, Ігната Мадунёнка, Івана Крывулю ды Івана Галёнку – абезгаловіць. Мікіту з Бараўкоў, Івана Труса, Навума Буяна, Васіля Пушчаёнка ды Васку Косціка – жывымі на вострую палю.
Радзівіл. Рэшту таксама было асудзілі на кол. Але па асабістай просьбе – некаторых з іх, а менавіта: Івана Карпача, Васіля Ветра, Лаўрэна Каўбасу...
Васка. Князь, прыпомні...
Радзівіл. ... I Васку Ветра, зашыўшы ў мядзведжыя шкуры, разарваць на плошчы сабакамі.
Цялецкі. На галоўнай плошчы.
Каршук. На галоўнай плошчы? Зашмат ім, злодзеям, гонару.
Радзівіл. Унь там. За мурам. Як усіх.
Варта вядзе чацвёрку назад у сутарэнне.
Магда. Лаўрэн! Я з табой, хадзяка мой каханы, трыбухлей ты мой, лында, бадзяга ты мой няшчасны.
Лаўрэн. Магдачка! Уцёк я ўсё ж ад цябе. Нішто, на тым свеце сустрэнемся. А там нам лаяцца не дадуць. Там строга. I нам добра будзе. А вы, панове, скажыце гэта сваім бабам, бо ў вас не бабы, а кожная – качарга старога лесу.
Іх вывелі. Пястжэцкі з вартай вядзе і астатніх у дзверы, што ў муры.
Пястжэцкі. Не спяшайцеся, мілыя, паспееце на шыбеніцу.
Каршук (Пёкуру). Ведаеш, што Данаван сказаў князю, калі яго выгналі? “Яны навучылі мяне, што ёсць людзі, якія б не ўсё на зямлі зжэрлі. А вы хочаце мець болей, чым заслужылі. I гэта вам хай дзякуе свет за ўсе войны, ганьбу і зло”.
Пёкур. Дурань. Набраўся ад іх, як сучка блох... Але гэтыя і сапраўды лічаць за лепшае быць пакрыўджанымі, чым самім крыўдзіць.
Каршук. I вось таму трэба кідаць гэты народ, бо з гэтай прычыны ён не жыхар на зямлі.
Пёкур. Хто ведае, х т о не жыхар на зямлі? Магутныя магнаты або сініца, што села на мачту Ноевага каўчэга? Хто ведае?
Каршук. За што ж вам плоцяць, калі вы не ведаеце?
Пёкур. Нам плоцяць за тое, што мы ведаем. Бо каб начальным людзям плацілі за ўсё тое, чаго яны не ведаюць, – золата б на зямлі і ў сусвеце ў бога не хапіла б... Я гляджу на іх і, ненавідзячы, пачынаю сумнявацца, што ім канец.
Каршук. Але чаму?
Пёкур. У іх ёсць нешта галоўнае. Яны жывуць сярод звяроў. I дасягнулі, не пабаюся сказаць, таго, што неяк – хай не заўсёды – ужываюцца з імі. Пустэльнікі сярод ваўкоў.
Каршук (раззлаваўшыся). Калі яны такія ўжо святыя – хай ідуць у нашы высокія замкі і манастыры і паспрабуюць ужыцца з нашым братам, каб не ўкусіў ніводны сабака.
Пёкур. Таму і палім... Калі хочам жыць.